
Заправа Пяць спецый - духмяная заправа са складаным смакавым адценнем, традыцыйная ў кітайскай кухні. Яна шырока выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы мяса, птушкі, у марынадах і соусах. Дадае адмысловы густ і водар ежы. Дарэчы, гэтыя Пяць спецый з'яўляюцца выдатным сухім марынадам для мяса, птушкі ці рыбы, пікантным дадаткам у супы, а не толькі служыць заправай для падрыхтоўкі страваў кітайскай кухні. Змяшаная з цукрам гэта заправа надасць экзатычны густ такой садавіне на грылі, як ананасы і персікі.
-2 ст.л. гарошын чорнага перцу (у арыгінальным рэцэпце выкарыстоўваецца сычуанскі перац, які лёгка замяняецца на чорны)
-3 зорачкі аніса
-2 г.л. насення фенхеля
-2 палачкі карыцы (дліной каля 7 см), паламаць
-6 галовак гваздзікі
Спецыі змяшаць і перамалоць у млыне. Захоўваць у шчыльна зачыненым кантэйнеры. Для больш насычанага водару пажадана спецыі спачатку абсмажыць на сухой распаленай патэльні. Перамолваць спецыі можна ў ступцы, камбайне ці кавамолцы. Добра мець кавамолку адмыслова для памолу спецый. Пасля выкарыстання пакласці ў кавамолку кавалачкі хлеба і перамалоць. Рэшткі спецый прыліпнуць да хлеба, і кавамолка будзе практычна чыстай. Замест хлеба можна перамалоць рыс. Спецыі можна прыгатаваць загадзя і выкарыстоўваць па неабходнасці.
|