Зрабіць васьмінога ядомым - задача не лягчэй, чым здзяйсненне 12-ці подзвігаў Геркулеса. Трэба знайсці пачвару, выняць яе з падводнага логава, забіць і ачысціць.
Каб зрабіць мяса далікатным, трэба падняць забітага васьмінога над галавой, патрэсці ім, як Пярсей галавой Медузы-Гаргоны, у якой замест валасоў раслі змеі, і біць яго аб каменную падлогу так, каб шчупальцы распластваліся і ўдараліся аб каменны насціл сакавітым плясканнем. І рабіць так не меней гадзіны.
Пасля гэтага васьмінога кінуць у кіпячую ваду. Бітыя, змяклыя шчупальцы імгненна скручваюцца ў спіралі, а тулава выскоквае з вады. Цёмна-карычневы пігмент становіцца цагляна-чырвоным, а вада афарбоўваецца ў колер цёмнага чырвонага дрэва.
Дадаць палачку салеры, прыправы і пабольш солі: булён атрымліваецца не меней смачным, чым само мяса васьмінога. Праз 20 хвілін анучкай зняць мяккую чырвоную скуру і прысоскі, а вычышчанага васьмінога тушыць у аліўкавым алеі, апырскаўшы яго цытрынавым сокам і дадаўшы вострага соусу.
Прыгатаваны такім чынам васьміног адрозніваецца далікатным густам амара і мяккай кансістэнцыяй ядомага малюска. Гатовага васьмінога разразаюць на зручныя долькі і падаюць у выглядзе гарачай закускі разам з кубкам гарачага булёна з васьмінога.
Гурманы антычнага свету лічылі васьмінога дэлікатэсам. Яны разразалі яго шчупальцы на часткі, галаву начынялі спецыямі і ўсё запякалі ў вялікіх пірагах. Неяк раз адзін рымскі патрыцый аб'еўся да таго, што прыйшлося тэрмінова клікаць лекара.
Лекар, спрабуючы наставіць хворага на шлях праўдзівы, абвясціў, што ад такога абжорства пакутнік можа памерці ўжо праз некалькі гадзін. І тады ў адказ на гэтак песімістычны прагноз патрыцый загадаў: "Прынясіце мне рэшткі стравы з васьмінога - я з'ем яго да канца, каб у гэтым свеце не засталося нічога, пра што я мог бы шкадаваць".
|