Печыва, якое ў народнай традыцыі ўваходзіла ў шэраг абрадавых комплексаў і зьвязвалася зь ідэяй ахвяраваньня продкам. Таму рытуальнае спажываньне бліноў характэрнае найперш для памінальнага абраду.
У час пахаваньня першы гарачы блін прызначаўся самому памерламу, яго несьлі за труной і пакідалі на магіле. На Масленку бліны клалі на акно, каб продкі сілкаваліся парай, а на Зьмітраўскія Дзяды на Магілёўшчыне бліны зьбіраў па хатах пастух, кажучы пад акном, што яго паслалі «дзяды».
З блінам у руцэ гаспадар клікаў Мароза на калядную вячэру; пры першым выгане жывёлы бліны несьлі пастуху, які пагражаў: «Хто не дасць блінца – здохне аўца».
Бліну надаецца сэмантыка медыятыўнасьці, і ў якасьці пасярэдніка паміж рознымі сьветамі ён уваходзіць у склад шматлікіх варожбаў пра замужжа: зь ім на галаве ішлі на вуліцу і пыталіся імя першага сустрэчнага мужчыны; з блінам беглі пад акно да суседзяў і чакалі слоў накшталт «сядзь» ці «ідзі»; ішлі зь першым блінам на сьметнік і прыслухоўваліся да брэху сабакі ды інш.
Бліны як мучная страва характарызаваліся і прадукавальнай сымволікай – на куцьцю першы блін несьлі авечкам, каб яны цэлы год былі здаровыя. Часам дасьледнікі ў круглай форме бліна бачаць увасабленьне сонца і тлумачаць спажываньне бліноў на Масьленку як сымвалічны акт ушанаваньня «маладога» веснавога сонца і далучэньня да яго жыватворнай моцы.
У калядных песьнях знаходзім выразнае проціпастаўленьне бліноў калядных і мікольскіх: першыя – «бліны ладныя» або «бліны-ладачкі», другія – «не такоўскія», што зьвязана з апазыцыяй піліпаўскага посту і яго завяршэньня на першую куцьцю.
Істотна адзначыць, што з часам гэтая апазыцыя набывае свой сэнс адно ў складзе трыяды: бліны калядныя – мікольскія – васільскія (апошнія – «бліны блізкія»).
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/114
|