Перш чым распачнецца вясельная ўрачыстасць, яшчэ раз удакладнім некаторыя дэталі арганізацыйнага і абрадава-рэгламентуючага характару, якія тычацца вясельнага застолля.
Месца маладых — у чырвоным куце хаты, пад абразамі. Над іх галовамі вісеў ручнік-”набожнік”, абодва канцы якога даволі часта былі ўпрыгожаны выявай пары вышытых галубоў, дзюбкі якіх былі звернуты адно да аднаго: яны “цалаваліся”.
Нешматслоўны інтэр’ер вясковай хаты, але які глыбокі філасофскі сэнс закладзены ў паэзіі гэтага сегмента сямейнага мікрахрама і агульнародавай мадэлі свету!
Белае поле ручніка сімвалізавала паднябесны Рай і адначасова свяшчэнны покрыў Багародзіцы, якім яна быццам прыкрывала заручаную пару ад нястачы і няшчасцяў, вэлюм нявесты ўяўляецца нам невялікай часцінкай гэтага покрыва і знакам таго, што маладыя з гэтага часу і да самай смерці будуць парай ісці па дарозе спазнання хрысціянскай ісціны.
Маладая пара ў чырвоным куце хаты, зарыентаваным на ўсход, — гэта не што іншае, як новы дзень, новае пакаленне прадстаўнікоў гэтага роду, якое, ідучы ўслед за Сонцам, будзе доўжыць яго гісторыю і множыць славу продкаў.
* У шэрагу рэгіёнаў Беларусі нам расказвалі пра тое, што пасадка маладых за сталом у хаце жаніха і нявесты адрознівалася самім размяшчэннем галоўных віноўнікаў урачыстасці.
Памятаем, што зыходным правілам традыцыйнай культуры з’яўляецца замацаванне “правага” (месца, боку, паўсферы) за мужчынамі, а “левага” — за жанчынамі: менавіта таму нявеста на ручніку станавілася злева ад жаніха.
Разам з тым у кантэксце вясельных падзей гэта фундаментальнае правіла магло карэкціравацца яшчэ адной ідэяй, карані якой сягаюць у глыбіні славянскай гісторыі і ідэалогію ваяўнічага захопу нявесты.
Таму ў хаце маладой жаніх садзіўся ў самім чырвоным куце, нявеста сядала побач з ім, але з боку парога (у дадзеным выпадку ўдакладнім: чырвоны кут у хаце часцей за ўсё размяшчаўся справа ад парога, але мог быць зарыентаваны і ўлева — гледзячы з якога боку вуліцы знаходзілася хата і ў які бок свету быў скіраваны чырвоны кут).
Сімволіка такога размяшчэння маладых “чыталася” наступным чынам: жаніх быццам бы выцясняў нявесту з яе хаты, забіраў ад бацькоў. А вось калі яны прыедуць у дом жаніха, адбудзецца недвухсэнсоўная ракіроўка: цяпер ужо нявеста сядзе з другога боку ад жаніха, г. зн. ён будзе бліжэй да парога, тым самым паказваючы, што ён быццам бы “запірае” нявесту, перагароджвае ёй дарогу да парога, да хаты яе маці і бацькі.
* Далей побач з маладым рассаджваюцца прадстаўнікі яго роду, а побач з нявестай — яе радзіна. Бліжэй да іх — шафер і шаферка, тыя, хто наступным павінен будзе падхапіць эстафету прадаўжэння роду (зразумела, што так здаралася далёка не заўсёды, але ж прынцып падабенства прасочваўся вельмі выразна).
Затым адводзілася месца для самых ганаровых гасцей — хросных бацькоў жаніха і нявесты і сватоў (часам іх функцыі сумяшчаліся: хросныя бацькі маглі выконваць ролю сватоў на вяселлі сваіх жа хрэснікаў). Следам за сватамі садзілі моладзь перадшлюбнага ўзросту, тых, хто фактычна ўжо атрымаў права стварыць сям’ю і працягваць род.
Другую палавіну стала займалі старэйшыя прадстаўнікі аднаго і другога родаў. Калі выводзіць агульнае правіла, то яно можа быць сфармулявана наступным чынам: чым бліжэй да чырвонага кута, тым маладзейшыя людзі, і наадварот, чым далей ад покуці і бліжэй да парога (адпаведна — зоны смерці), тым старэй і старэй.
Асобна, бліжэй да парога ставілі стол для самых старых гасцей — яны быццам бы гаварылі ўсім прысутным: вам жыць і множыцца, а нам прыйшоў час збірацца ў вырай.
Як у такім разе разумець сучасных бабуль, якія просяцца пасядзець побач з жаніхом і нявестай, а моладзь “выціскаюць” на край стала?
* Яшчэ раз паўторымся і скажам, што ў вясельным абрадзе кожная дэталь была важнай, а часам і лёсапрадказальнай, таму літаральна на кожным кроку былі адпаведныя парады і рэгламентацыі.
А калі што рабілася не так, як гэтага патрабавала традыцыя, на пярэдні план вясельнай дзеі выходзілі павер’і і прадказанні, якія ніхто не прамінаў падмацаваць сваімі ўласнымі ўспамінамі і шматлікімі спасылкамі на сведчанні родных і блізкіх.
Напрыклад, Невяровіч У.А. заўважае: “На вясельнай бяседзе нявеста садзіцца поруч з жаніхом моўчкі і апусціўшы галаву. Усаджваючы нявесту, стараюцца, каб яна сядзела як мага бліжэй да жаніха і так, каб між імі не магло нішто прайсці.
Просты народ верыць, што калі між жаніхом і нявестай хто-небудзь ці руку, ці няўмысна яшчэ што-небудзь працісне — будзе разлад”. Менавіта таму імкнуліся рабіць вясельныя сталы суцэльнымі, без стыкаў, каб тым самым не справакаваць “разломаў” у жыцці новастворанай пары.
* Акрамя таго, маладых нельга было садзіць на “голую” лаву. Каб жыццё маладых было ў дастатку, каб у іх нарадзіліся здаровыя дзеці, лаву абавязкова засцілалі саматканай дарожкай або кажухом, вывернутым поўсцю наверх.
У некаторых рэгіёнах, напрыклад у Ашмянскім раёне, маладых усаджвалі на спецыяльна падрыхтаваную для гэтага “вясельную падушку”.
Аксана Катовiч, Янка Крук.
|